Тады загінула больш за 80 чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці. Пра гісторыю гэтай вёскі ды змаганне за захаванне памяці пра яе і трагедыю мы паразмаўлялі з віцэ-старшынём Фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацеем Данцэвічам.
Польскі гісторык аўтар кнігі «У ценю Валыні. Антыпольскія дзеянні ОУН і УПА ва Усходняй Галіцыі 1943–1945 гг.» Дам'ян Маркоўскі тлумачыў неяк у размове з РАР, што знішчэнне вёскі Пузьнік было часткай плана ўкраінскіх нацыяналістаў, якія хацелі «ачысціць ад польскага насельніцтва тэрыторыі, якія яны лічылі этнічна ўкраінскімі». У звязку з гэтым УПА ў 1943-45 гадах праводзіла зачыстку ды «ліквідацыю» польскіх паселішчаў і вёсак разам з насельніцтвам. Як падкрэсліў спецыяліст, «злачынства ў Пузьніках было адным з апошніх такіх значных і жорсткіх нападаў на польскае насельніцтва».
На дадзеным момант вядомы спіс каля 80 чалавек, якія былі там забітыя, іх імёны ёсць на двух помніках у цяперашняй Польшчы, дзе пасля вайны пасяліліся колішнія жыхары Пузьнік. Пра гісторыю знішчанага вайной паселішча ды захаванне памяці пра злачынства, мы паразмаўлялі з віцэ-старшынём Фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацеем Данцэвічам. Гэтая арганізацыя сёлета ладзіць эксгумацыйныя працы на месцы масавага пахавання ахвяр злачынства.
- Трэба зазначыць, што гісторыя гэтай цяпер неіснуючай польскай вёскі вельмі цікавая і даволі своеасаблівая. Да вайны там пражывала 98% палякаў. Больш за тое, гэта былі людзі з моцным патрыятычным этасам, я б сказаў. Таму што гэта была вёска, што ўзнікла на месцы былога шляхецкага маёнтку. Таму з дому яны мелі даволі патрыятычнае выхаванне. Гісторыя гэтай вёскі — гэта не толькі 1945 год, але і падзеі ранейшых гадоў, гэта гісторыя польскай супольнасці, якая жыла ў тым рэгіёне, на Падоле, са сваёй цікавай гісторыяй. Тамтэйшыя жыхары, паводле паданняў, з'яўляюцца нашчадкамі жаўнераў Яна ІІІ Сабескага. Згодна з легендай, іх туды пасялілі, бо там праходзіла польска-турэцкая мяжа. Яны жылі згодна з польскай традыцыяй. Вядома, што жыхары дабраахвотна сфармавалі атрад падчас Студзеньскага паўстання ў 1863 годзе. Яны таксама змагаліся падчас вайны за незалежнасць у 20-м стагоддзі. У 1939-м годзе хлопцы з гэтай вёскі змагаліся ў складзе 11-ай карпацкай пяхотнай дывізіі ды ваявалі ў Яноўскіх лясах пад Львовам. Яны былі сярод тых, хто браў удзел у рашучай начной атацы на фашыстаў з палка СС пад Мужавіцамі. Гэта сапраўды цікавая вёска, не толькі з-за трагедыі ў 1945 годзе, але і з-за польскай традыцыі, якая захоўвалася ў тамтэйшых хатах, і потым была перанесеная ў Польшчу. Менавіта таму пра гэта месца ніхто не забыўся. Традыцыя настолькі жывая, і памяць пра вёску і пра злачынства таксама жывая, што дазволіла нам знайсці пахаванне ды правесці эксгумацыю, што будзе ў пэўным сэнсе гістарычнай справядлівасцю.
Скажыце, ці Вам ужо вядомы поўны спіс ахвяр, хто загінуў у Пузніках?
- У нас ёсць сведчанні сведак, якія выжылі, якія збіраліся на працягу многіх гадоў у розных месцах. Такія сведчанні сабраныя і апрацаваныя. Мы ведаем 80 чалавек, якія былі там забітыя, іх імёны ёсць на двух помніках у цяперашняй Польшчы, на так званых «Вернутых землях», дзе апынуліся былыя жыхары вёскі пасля 1945 года і сімвалічна ў двух гарадах яны ўшанавалі памяць сваіх забітых блізкіх. Гэта Немясловіцы ў Апольскім ваяводстве і Ратавіцы каля Уроцлава. І больш-менш такім будзе наш спіс, прозвішчы ахвяр мы таксама хацелі б увекавечыць на помніку. Гэта ў нас яшчэ наперадзе. Праўда цяпер падчас гэтай працы з'яўляюцца новыя сведкі. Яшчэ з'яўляюцца нейкія асобныя людзі, пра якіх мы не ведалі, што там кагосьці забілі, нейкую цётку, нейкую сястру, бабулю. Гэта асобныя такія выпадкі, яны дапаўняюць інфармацыю, якая вядомая ў Польшчы.
Інстытут нацыянальнай памяці неаднаразова праводзіў эксгумацыю на могілках Павонзкі ў Варшаве. Паведамлялася, што падчас тых прац, , спецыялісты бралі ўзоры ДНК у сваякоў. Ці ёсць такая неабходнасць у вашай сітуацыі, ці гэта ўвогуле магчыма, гледзячы на тое, колькі часу прайшло з моманту трагедыі?
- Гэта не заўсёды робіцца, але мы будзем гэта рабіць. Нашыя спецыялісты, адмыслоўцы са Шчэціна, яны, дарэчы, таксама працавалі на Павонзках, разам з Інстытутам нацыянальнай памяці будуць збіраць узоры ДНК са шкілетаў, і ў той жа час ужо год доўжыцца працэс збору матэрыялу ДНК ад сваякоў, якія жывуць у Польшчы. Гэта значыць, у Немясловіцах, у Ратавіцах, у тых іншых месцах, дзе гэтыя людзі праз шмат гадоў апынуліся. У нас вельмі добры кантакт з нашчадкамі, таму што мы супрацоўнічаем з Таварыствам былых жыхароў вёсак Пузьнікі і Навасёлкі. Каля 20-30 чалавек ужо перадалі такі матэрыял у Шчэцін менавіта ў якасці параўнальнага матэрыялу, каб можна было падабраць шкілеты да канкрэтных людзей. Не заўсёды гэта будзе магчыма, але будуць выпадкі, калі такое пацвярджэнне ў выпадку аналізу ДНК, будзе магчымае.
Вы запросіце сваякоў на пахаванне?
- Так, хаця цяпер праблемай з'яўляецца вайне ва Украіне, і можа апынуцца, што не ўсе, хто дагэтуль хацеў, змогуць паехаць. Вядома не кожны захоча ехаць у краіну, дзе ідзе вайна. Але я ведаю, што ёсць ахвотныя, каб паехаць, калі пахаванне будзе, скажам, у чэрвені, ліпені. Таму мы будзем спрабаваць усё арганізаваць. Шмат хто гэтага чакае, канечне сведак мала, ім было тады па пяць-дзесяць гадоў, але яны яшчэ жывыя. Не вядома, ці яны змогуць туды паехаць цяпер. Калі б такая магчымасць была гадоў дзесяць таму, гадоў пятнаццаць таму, калі ва Украіне быў мір, у дзевяностыя гады, было б больш людзей. Таму што больш з тых людзей былі жывыя, не толькі тыя, хто меў там сваякоў і памятаў іх, але і тыя, хто перажыў дадзенае злачынства і быў яго непасрэдным сведкам. Ім пашанцавала, што яны выжылі і яны бачылі свой абавязак ва ўшанаванні памяці. Я ведаю з расповедаў, што яны лічылі няправільным, што вёска была пакінутая, людзі не пахаваныя, а справа не была завершаная належным чынам, то бок годным пахаваннем і належным ушанаваннем памяці.
У красавіку 2025 году Фонд «Свабода і дэмакратыя» разам з экспертамі Паморскага медычнага ўніверсітэту і Інстытуту нацыянальнай памяці, а таксама ўкраінскімі археолагамі пачне эксгумацыю на месцы былога польскага паселішча Пузьнікі ва Украіне. У выніку прац будзе праведзена перапахаванне ахвяр, і будзе створаны ў будучыні памятны мемарыял. Пры гэтым Пузьнікі – не адзінае месца, дзе працуюць спецыялісты Фонду, дадае Мацей Данцэвіч.
- Мы як Фонд праводзілі пошукі ды эксгумацыю, а таксама арганізавалі пахаванне жаўнераў верасня 1939 году, якія ваявалі пад Львовам у розных месцах, Воля Дабрастанская, Дабрастаны, гэта раёны вакол Янава, Яворава, Жоўкава. Гэтыя жаўнеры былі эксгумаваныя і пахаваныя на могілках у Мосцішчы пад Львовам, то бок, калі я добра памятаю, там пахавана 140 жаўнераў у двух такіх пахаваннях, мы ведаем пра іншыя падобныя месцы, дзе загінулі жаўнеры верасня 39-га, і пра ахвяры УПА, крыху яшчэ пра жаўнераў 1920-га году. У нас ёсць вялікі спіс. Магчыма, мы паспрабуем разам з Інстытутам нацыянальнай памяці атрымаць дазвол на працу пад Драгобычам, у месцы, дзе немцы знішчалі палонных з 1939-га году. Магчыма, мы паспрабуем да гэтага вярнуцца, там каля былых могілак ляжаць ад 70 да 100 польскіх жаўнераў.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч